Home

Рэклама

Міхась Южык [entries|archive|friends|userinfo]
Міхась Южык

[ website | Творы ў Інтэрнеце ]
[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

Надзвычайная пладавітасць, або Асаблівасці выдавецкіх планаў холдынга “ЛіМ [Ліс. 9, 2010|07:43 pm]
[Tags|]

Хітрая гэта штука – планы нашых часопісаў. Вось падаў я ў верасні мінулага года ў “Полымя”, даўнім аўтарам якога з’яўляюся, свой раман “Леапард на балконе” (назваў аповесцю, каб не палохаць рэдакцыю). Не званіў, не цікавіўся, у законным спадзеве, што мне як свайму роднаму аўтару самі пазвоняць. (“Захацеў! Можа, табе і ключ ад кватэры?..”) Увесну збіраўся звязацца з аддзелам прозы, ды раптам пазванілі мне два розныя далёкія ад літаратуры сваякі і сказалі, што чулі па бел. радыё, што “Полымя” плануе надрукаваць у гэтым годзе аповесць Міхася Южыка “Леапард на балконе”. Аднаму, праўда, падалося, што то не “Леапард”, а “Леў”, аднак сутнасць людзі ўлавілі – збіраюцца друкаваць. Я па наіўнасці парадаваўся і стаў чакаць, што да мяне звернуцца па электронны варыянт твора... Чакаю і па сёння. Раман з планаў гэтага года ціхамірна знік. Знік ён, як аказалася, і з планаў на першае паўгоддзе наступнага года, як я сёння з прыкрасцю прачытаў.

Read more... )
Спасылка19 камэнтароў|Пракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Ліс. 25, 2009|01:35 pm]
[Tags|]

Лудаманія ў белнэце: гэта сур’ёзна

З Вікіпедыі: Существует болезнь, связанная с постоянной необходимостью ощущения азарта, игромания (известная также как лудомания от лат. ludus — игра). По мнению ученых, риск стать игроманом никак не зависит от здоровья, социальных, каких-то биологических параметров, а скорее от характера и темперамента, причем последний, как считается, является наследуемой характеристикой.

Лудаманія (гульняманія) – біч сучаснай цывілізацыі. Чалавеку, па прыродзе сваёй істоце азартнай, заўсёды было ўласціва западаць на ўсялякія забаўкі д’ябла. Карты, рулетка нязменна запаўнялі душэўную пустату людзей. Прытым людзей далёка не самых прымітыўных па сваёй сутнасці. Наш час пашырыў гэтыя “магчымасці”, можна сказаць, да бясконцасці, увайшоўшы ў кожны дом тэлевізарам, кампутарам, інтэрнэтам. Добрыя сямейнікі праседжваюць гадзінамі перад футболам-хакеем, іхнія дзеці – перад маніторам, расстрэльваючы з віртуальнай зброі разнастайных монстраў і ворагаў. Каго не ўзбуджае кампутар, могуць паспрабаваць свае сілы за гульнявымі аўтаматамі ці за старой добрай рулеткай, адліпнуць ад якіх, як сцвярджаюць псіхіятры, не нашмат лягчэй, чым ад сапраўдных наркотыкаў.

Read more... )

Спасылка18 камэнтароў|Пракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Ліс. 17, 2009|02:25 pm]
[Tags|]

Прасцяг кішэнных зацемак

Леанід Галубовіч

“Зацемкі з левай кішэні” (Галерэя Б, 1998 г.)


Хоць і наракаем мы, беларускамоўныя чытачы, што няма чаго пачытаць з вартых мастацкіх тэкстаў нацыянальнай літаратуры, праблема хутчэй у іншым. А іменна ў нашым патэнцыйным нежаданні ўсё гэта чытаць. Мы, як нацыя, па вялікім рахунку, ужо даўнавата – чытачы-імпатэнты. (Калі няма здаровага пожаду, то ніводная вабная красуня ў прынцыпе не ўзбуджае.) Такія вось пірагі.

Таму праблему нашага не-чытання трэба шукаць у зусім іншым баку, і толькі не ў тым, што нічога вартага ў літаратуры не адбываецца і не друкуецца. Хутчэй наадварот – друкуецца настолькі зашмат, што гэтыя чатыры (ці блізу таго) тысячы беларускамоўных чытачоў рэспублікі і замежжа не ў стане ўсё гэта ператравіць, то бок прапусціць пра свой чытацкі страўнік так, каб ад гэтага не вывернула ванітамі.


Read more... )
Спасылка4 камэнтара|Пракамэнтаваць

Кніга паэзіі [Ліс. 9, 2009|05:00 pm]
[Tags|, ]



АнтыРЫФМАР / Міхась Южык. – Мінск : І. П. Логвінаў, 2009. – 182 с.

 

У кнізе «АнтыРЫФМАР» сабраны вершы аўтара, якія пісаліся і друкаваліся ў розных перыядычных выданнях рэспублікі цягам апошніх дзесяці гадоў. Гэта філасофская лірыка, прадстаўленая як у класічнай (РЫФМАР), так і эксперыментальнай (АнтыРЫФМАР) форме. 

 

Read more... )
Спасылка3 камэнтара|Пракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Ліс. 7, 2009|02:01 pm]
[Tags|]

Проза, якая маўчыць

(працяг)


5

 

Зноў вяртаюся да праблем беларускай прозы савецкага перыяду. Яшчэ адной яе слабасцю бачыцца адсутнасць у большасці празаікаў драматургічных здольнасцяў, таго, без чаго дыялогі, якія вядуцца іхнімі героямі, выклікаюць неўразуменне. Часам пытаешся ў сябе, а ці могуць жывыя людзі так няўклюдна і нецікава паміж сабой размаўляць, як на старонках нашых знакамітых творцаў?

Што такое драматургічна выбудаваны дыялог? Гэта калі чытачу зразумелая псіхалагічная абгрунтаванасць кожнай прамоўленай фразы, калі вымаўленае вынікае з партрэта героя і сітуацыйнай калізіі, калі фраза чапляецца за фразу. Акрамя таго, дыялогі і маналогі павінны быць прынамсі не нуднымі, не расцягнутымі на дваццаць старонак, калі адзін герой нібы чытае лекцыю сваім студэнтам, а яго ніхто не насмельваецца перабіць.

Read more... )
Спасылка2 камэнтара|Пракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Ліс. 7, 2009|01:58 pm]
[Tags|]

Проза, якая маўчыць

 

1

 

Зараз скажу крамольную рэч. Уся беларуская проза савецкага перыяду пісалася толькі дзеля аднаго твора – “Чорнага замка Альшанскага”. Толькі гэты раман можа мець у кантэксце сусветнай літаратуры якую-небудзь каштоўнасць. Зрэшты, і ён пакуль не ацэнены абагульненым сусветным чытачом, не ўнесены ім у адну з пачэсных ніш. А шкада. Раман сапраўды таго варты. Вартая б гэтага была і дэтэктыўная аповесць Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”, каб не было відавочна, што фабула яго цалкам спісаная з бестселера А.Конан-Дойля “Сабака Баскервіляў”. Ад таго мастацкасць “Дзікага палявання” ніколькі не пацярпела, а ўсё ж…

Шмат хто думае, што вяршыняй літаратуры з’яўляецца паэзія. Гэта памылка. Прозу пісаць значна цяжэй. Нездарма ж многія празаікі, уключаючы таго ж Караткевіча, а таксама Купрына, Буніна ды інш., пачыналі сваю слаўную кар’еру з паэзіі. І некаторыя вельмі паспяхова рыфмавалі, і некаторыя засталіся паэтамі і празаікамі ў адной асобе. Але ж да прозы даходзілі не адразу, падступаліся з апаскай, разумеючы, што проза – гэта далёка не тое, што не зарыфмавана і не змешчана ў рытмічны каркас.

 

Read more... )
Спасылка12 камэнтароў|Пракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Ліс. 7, 2009|01:39 pm]
Апытаньне #1481995 Ці ёсць у нас літаратурныя ЖЖ
Open to: усім, detailed results viewable to: усім, participants: 46

Чый ЖЖ найбольш літаратурны?

Прагляд адказаў

Уладзімір Сцяпан
9 (19.6%)

Ася Паплаўская
7 (15.2%)

Марыйка Мартысевіч
5 (10.9%)

Адам Глобус
8 (17.4%)

Валярына Кустава
7 (15.2%)

Не лічу гэтыя ЖЖ цікавымі як літаратурныя
10 (21.7%)

Ведаю іншыя цікавейшыя (можна назваць у каментарыях якія)
0 (0.0%)

Спасылка32 камэнтара|Пракамэнтаваць

Човен на Млечным шляху [Ліс. 4, 2009|11:40 am]

ПАЧАТАК

8. Якасць суіснавання. Цывілізацыя (працяг)

(на пачатак раздзела)

 

Усё вышэй сказанае падводзіць да наступнай высновы. Чалавек цывілізаванага свету мае завялікі запас псіхічнай энергіі, якая, па-першае, сілкуецца ўзмоцненым харчаваннем, па-другое, у цэлым малымі фізічнымі нагрузкамі на арганізм. Па-трэцяе, псіхіка індывідуумаў пераўзбуджваецца шматлікімі стрэсамі, звязанымі з павышанай псіхічнай напругаю соцыуму.

 

Read more... )
Спасылка1 камэнтар|Пракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Кст. 28, 2009|01:08 pm]
[Tags|]

Цікавы пост пра стан белсеціратуры

http://vushasti.livejournal.com/5058.html

ад старога новага юзера. Варта пачытаць, хто не бачыў.

 

Ад сябе наконт гэтай праблемы:

 

Мала пішуць каментарыяў на літаратурныя творы і вершы таму, што:

1) гэта адлюстроўвае рэальную цікавасць да беларускай мастацкай літаратуры (на рускіх літаратурных сайтах каментары жвава пішуцца);

2) асаблівасць ЖЖ у тым, што тут чым дурнейшы і пашлейшы пост, тым больш на яго каментарыяў, і наадварот. Гэта даўно вядома. Сюды прыходзяць не думаць, а расслабляцца. Складаны пост – гэта духоўная праца, ну яе нахер;

3) да беларускага ЖЖ няма даверу, бо часта западло размаўляць з маскамі, а не з людзьмі, бо большасць хаваецца за псеўданімамі. Навошта? Хочуць і рыбку спячы, і патэльню не засаліць, ці што?

4) крытыкаваць цяжка таму, што старонка – уласцівасць аўтара, а ён пакрыўджана цябе выдаліць, забаніць і расфрэндзіць. Вось і ўвесь плён тваёй крытыкі чужых мастацкіх твораў. Гаўнёбусы крытыкі не церпяць, ім як дзецям салодкую цукерку дай пасмактаць. 


Спасылка4 камэнтара|Пракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Кст. 14, 2009|01:23 pm]
[Tags|]

Рыжы плёс

 

Ёсць мясціны мае найдаражэйшыя, блізкія сэрцу мясціны. Жывуць яны паасобку, недзе ў патаемных глыбінях свядомасці. Цнатлівыя, бо пабачаны былі чыстым дзіцячым паглядам. Занатаваны шчыра і маляўніча, занатаваны назаўжды.

 

І даўно я ўжо не даверлівы хлапчук, а чалавек паважны і, бадай, абачлівы. І не па сцяжынках здзірванелых ужо шыбую, а чыкільгаю, баязліва аглядваючыся, па няўмольных пуцявінах жыцця. Але сэрцам там – сярод гайкоў маіх ненаглядных, светлых журлівых дуброў над Свіслаччу.

 

Read more... )
Спасылка2 камэнтара|Пракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Кст. 2, 2009|11:32 pm]
[Tags|]

Вось адказ на маё хуліганства ў бок Някляева ад сп. Івашчанкі:

http://viershnick.livejournal.com/65742.html

 

Read more... )
Спасылка10 камэнтароў|Пракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Кст. 2, 2009|01:48 pm]
[Tags|, ]

http://lim.by/materiali_izdaniy/bez_spadzevu_na_primrenne

“Без спадзеву на прымірэнне” (творца і крытык) М.Южык

 

http://lim.by/materiali_izdaniy/poshuk_sapradnih_slo

А вось прыхільнікаў творчасці Міхася Южыка яго аповесць “І падаў снег на зямлю”, надрукаваная ў ліпеньскім нумары “Маладосці”, хутчэй за ўсё, расчаруе. Твор прываблівае шматзначным метафарычным уступам, лёгкім дынамічным пачаткам, прыгожай і капрызлівай галоўнай гераіняй… Аднак увогуле аповед вядзецца даволі павярхоўна. Бадай, самае ўдалае ў творы — гэта скразны вобраз снегу, што падае на зямлю, — як увасабленне непарушнасці жыццёвых законаў, духоўнай гармоніі і ўтульнасці зямнога чалавечага існавання. Праўда, усё гэта не столькі расчароўвае, колькі здзіўляе, калі прыгадваеш ранейшыя, на значна больш высокім узроўні напісаныя творы М. Южыка.

                             Жанна Капуста (з лімаўскага агляду)


Спасылка5 камэнтароў|Пракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Врс. 29, 2009|02:32 pm]
[Tags|]

Проза Ул. Някляева, або Як нас разводзяць

 

Вельмі мне даспадобы цытата з артыкула Аксаны Бязлепкінай “Амбітная літаратура” пра сучасны літаратурны працэс, якую я скарыстоўваў раней у сваім опусе. Аднак не ўтрымаюся змясціць яе яшчэ раз у якасці своеасаблівага эпіграфа да далейшай размовы: «У часы панавання СМІ літаратурны працэс мае ўсе магчымасці для ўцягвання ў сябе чытачоў і нечытачоў (нават насуперак іх жаданню), і таму паспяховы піяршчык сам ёсць крыніцай інфармацыі пра сябе: можа самавольна і беспакарана запісацца ў секс-сімвалы тысячагоддзя ці найвыбітнейшыя беларускія пісьменнікі. (...) Гэтае «самагенераванне» звестак – наша даўняя традыцыя: досыць часта самае важнае слова пра твор і ўдзел аўтара ў літаратурным працэсе кажуць не крытыкі, а самі аўтары».

 

А далей, спадары, размова пойдзе пра вельмі сур’ёзныя рэчы. Пра тое, як з дапамогай узгаданых спн. Бязлепкінай прыёмаў разводзяць чытачоў, якія ад прыроды не здольныя варушыць шэрымі звілінамі.

Апошнім часам Ул. Някляеў актыўна піярыць сябе праз “Дзеяслоў” і звязаныя з ім грашовыя і медыя рычагі. Прычым апетыты ў спадара паэта вялізныя, мяркую – на Нобеля, няйначай, нацэліўся чалавек. Галасы пра яго вялікасць у якасці празаіка раздаюцца, падкрэсліваю, менавіта з дзеяслоўскай пляцоўкі і пераважна – ад саміх дзеяслоўцаў. Паважаныя ж літаратуразнаўцы, крытыкі, выкладчыкі філфака ды інш., як правіла, нічога пра геніяльнасць Някляева-празаіка не ведаюць, у чым я пераканаўся, задаўшы ім некалькі кантрольных пытанняў. Адказы звычайна гучалі такія: паэт Някляеў выдатны, а ў прозе ён выглядае невыразна, а часам нават вульгарна. Кантрольныя пытанні мне патрэбныя былі для канчатковай упэўненасці ў тым, што я скажу ў ніжэйшых радках, хоць свайму мастацкаму чуццю давяраю на 99,9%, бо толькі ім кіруюся ўсё творчае жыццё. Аднак карціць-такі пачуць, што ты не адзін галосіш у пустэльні і што меркаванне тваё ёсць блізкае ісціне.

 

Read more... )
Спасылка13 камэнтароў|Пракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Врс. 23, 2009|12:31 pm]
[Tags|]

Схаваемся ў бульбу

(суб’ектыўныя меркаванні паводле кадравых змяненняў у тыднёвіку “ЛіМ”)

 

Адметнасць беларускага нацыянальнага характару збольшага ўсім вядомая. Хавацца ў бульбу – наша характэрная рыса. Пра гэта гаворана-перагаворана аж да млосці. Тым больш што ніводнае ўшчуванне не змяніла не толькі характар якой-кольвечы нацыі, а нават не перайначыла як след ніводнага на зямлі чалавека. Людзі страшэнныя эгаісты, за невялікім выняткам. І пафігісты, калі нешта наўпрост не тычыцца іхніх бясцэнных задніц.

 

Беларускія літаратары даўно распісаліся ў сваёй творчай нямогласці. Страцілі ўсіх магчымых чытачоў, аўтарытэт, гадзіны ў эфіры і плошчы ў друку адносна іх рускамоўных сабратаў. Таму піша Рагнед Малахоўскі на дзённіку Валерыя Гапеева, што, маўляў, падрыхтаваў аж тры кнігі вершаў і цяпер праблема іх выдаць. Правільна, праблема гэта выключна аўтарава, а абодвум Саюзам пісьменнікаў, беларускай нацыі, дзяржаве, ды каму заўгодна, на гэта напісаць тоўстым струменем. Таму рэцэпт беларускім літаратарам адзін: менш пісаць, каб не нажываць сабе невылечных і шкодных для псіхікі клопатаў.

Read more... )
Спасылка14 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Хроніка аднаго запою [Врс. 9, 2009|12:49 pm]
[Tags|]

Дырэктар

 

аповесць (працяг); (перайсці на пачатак)

11

 

Так, адзін Бог ведае, што перажыў Глеб тры гады таму, калі Тамара закруціла раман з Віцькам Пацкевічам, намдырэктара канкурэнтнай фірмы. Закруціла, можна сказаць, дэманстратыўна, нітрохі не тоячыся перад саслужыўцамі, падначаленымі Глеба Іванавіча. Яна, нахабніца, даходзіла да таго, што званіла ў офіс з Віцькавага мабільніка, і яго нумар вызначаўся на мабільніках супрацоўнікаў. Або падкочвала да “Свержаня” на Пацкевічавым аўто… Як было гэта цярпець Глебу?! Не кажучы ўжо пра тое, што спіхнула чатырохгадовую дачку да сваіх бацькоў, прычым без яго, Глебавага, дазволу. Проста завезла, і ўсё. Дома ж яна не начавала.

А страты, што панёс “Свержань” з-за таго, што яго менеджэр не толькі не працаваў, а фактычна перакінуўся да канкурэнтаў! Адным словам, Глебава фірма апынулася на грані краху. Тым больш што сам Сіўцоў упаў у цяжкую дэпрэсію і не мог як след супрацьстаяць фінансавай катастрофе, што няўмольна, дзень пры дні, насоўвалася на “Свержань” па віне яго жонкі.

 

Read more... )

 

Спасылка6 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Хроніка аднаго запою [Врс. 9, 2009|12:43 pm]
[Tags|]

Дырэктар

 

аповесць (працяг)


6

 

Недзе а другой гадзіне дня Глеб Сіўцоў адключыў мабільнік, з дыпламатам у руцэ выйшаў са свайго кабінета, замкнуў яго і таропка рушыў па калідоры да выхаду. Паабапал, з-за дзвярэй кабінетаў, даносіліся ўзрушаныя галасы падначаленых.

Нікім са сваіх не заўважаны, дырэктар спусціўся з ганка, збочыў направа, прайшоў уздоўж сцяны будынка і завярнуў за яго рог. Затым па засыпанай лісцем сцяжынцы дайшоў да невысокай жалезнай агароджы і, папярэдне азірнуўшыся, спрытна яе пераскочыў.

За агароджай пачынаўся густы, хоць і голы, хмызняк, за хмызняком — двары старых пяціпавярховак, за дварамі — пустэльны ўчастак парку Чалюскінцаў. У гэтай частцы парку і летам народу небагата бывае. Зараз жа Глеб ішоў у поўнай адзіноце і цішы, нават людзей, што выгульваюць свойскіх сабак, не было відаць. Старыя кляны і таполі цягнулі ў шэрань нізкага неба свае нязграбныя рукі-галіны. Пад нагамі шамацела даўно апалае, мёртвае лісце. І толькі паветра было маладым і здаровым. Глеб адчуваў, як яно, пранікаючы ў лёгкія, нібы разбягаецца па артэрыях і капілярах, насычае яго цела сілай і прасвятляе думкі.

 

Read more... )
СпасылкаПракамэнтаваць

Хроніка аднаго запою [Врс. 9, 2009|12:36 pm]
[Tags|]

Лёс літаратурных твораў непрадказальны. У аднаго ён удалы і гладкі, у іншых пакутлівы, як у дзяцей, якім прырода размеркавала не пароўну шчасця. Аповесць “Горад, які яны засялілі”, якую я пісаў, адно каб праверыць сябе ў жанры фантастыкі, была хутка надрукавана ў “Маладосці” (хоць Андрэй Федарэнка мне справядліва зазначыў, што яна цяжкавата чытаецца пры адсутнасці дыялогаў), а вось маю аповесць “Дырэктар”, пяць гадоў таму ўхваленую Андрэем як рэдактарам, я мусіў праз два гады ляжання з той жа “Маладосці” забраць. Прычына – прапаганда п’янства ў аповесці, да таго ж мне собіла пакінуць рабочую назву – “Запой”. Назву я памяняў, а вось даверу да твора не вярнуў: часопіс усё-ткі для выхавання добрапрыстойнай моладзі.

 

Гэта, напэўна, мая любімая кароткая дынамічная аповесць, дзе я ўклаў свой небагаты досвед дачыненняў з алкаголем, а таксама – пільна падгледжаны вопыт людзей, хворых на запойны алкагалізм. Так што “Дырэктар” – гэта драма псіхічна хворага чалавека, а ніякая не прапаганда п’янтсва. Так думаю. Тым болей што не ведаю ў нашай літаратуры аповесцяў, што дэталёва аналізуюць псіхалогію запою. Чым не арыгінальная тэма?

 

Змяшчаю аповесць на сваім дзённіку не ад добрага, як кажуць, жыцця. Узрост ёй пяць–шэсць гадоў, і гэты цяжар з кожным годам будзе на мяне ціснуць усё невыносней. Рэальна надрукаваць яе ў бліжэйшыя гады няма дзе, у “Полымі” і “Нёмане” ляжаць мае вялікія рукапісы аповесцяў на два часопісныя нумары, а гэта – гады чакання (дый ці яшчэ дачакаюся?). У саракагадовым жа ўзросце нежартоўна разумееш, што нікому не гарантаваны ні 70, ні 60, ні нават 50 год жыцця. Трэба даваць жыццё сваім “дзецям” па меры магчымасці. Магчымасці ж друку беларускага слова вельмі абмежаваныя. Тым больш што нядаўна даведаўся пра запланаваную змену галоўнага рэдактара “ЛіМа”. Падстава змены – ліст нашага старога знаёмца Аўруціна. Прычына – у “ЛіМе” аглядаюцца творы “недзяржаўных” беларускіх пісьменнікаў. Далей пакуль што без каментарыяў, бо не валодаю больш дакладнай і больш шырокай інфармацыяй.

 

Неяк даведаўся ад выкладчыка філфака, што мноства яго студэнтаў чытае мой дзённік. Гэта нечакана ўсцешыла. Бо мы пішам і гаворым дзеля таго, каб нас хоць нехта пачуў. Толькі вар’ят ці святы можа размаўляць з пустатой.

 

 

Дырэктар

 

аповесць

 

1

 

Напярэдадні лістападаўскіх святаў у офісе фірмы “Свержань” было ажыўлена. Але гэтае ажыўленне паходзіла не так ад напружанай працы, як ад прадчування святочнага застолля, якое мерыліся зладкаваць супрацоўнікі. Яны ўзрушана бегалі з кабінета ў кабінет, гуморнічалі, свяціліся з твараў. На ганку нехта несупынна курыў — па двое і па трое, з выкрыкамі, з бестурботным рогатам.

Дырэктар фірмы, Глеб Сіўцоў, мужчына гадоў трыццаці пяці, ужо не раз рабіў заўвагі сваім падначаленым, нагадваў пра тое, што працоўны дзень яшчэ не скончаны, і пра іх службовыя абавязкі. Тым больш што шматстайныя дзелавыя партнёры пастаянна трывожылі яго тэлефоннымі званкамі, факсамі і напорыстымі пасланцамі, якія патрабавалі тэрмінова штосьці падпісаць, удакладніць і зацвердзіць. Некалькі разоў на дзядзінцы перад канторай спыняліся аўто з важнымі дзядзькамі — кіраўнікамі профільных фірм.

 

Read more... )
СпасылкаПракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Жнв. 28, 2009|12:58 pm]
[Tags|]

Святло ў інфернальнай прасторы, або На повадзе Вялікага інквізітара

(поўны варыянт, пачатак змяшчаўся на дзённіку)

 

Дастаеўскі, як усякі вялікі творца, зусім не дагаджаў чытачам, крытыкам і выдаўцам. Ён апярэдзіў свой час больш чым на некалькі пакаленняў. Яго магутнасць напоўніцу ўсведамляюць толькі цяпер. Але ж і цяпер прачытаць яго могуць не многія.

Дастаеўскі пісаў не пра тое, як бывае ў рэальным жыцці, а паказваў, якія буры кіпяць у душы кожнага чалавека, калі ён, чалавек, не зусім трохклетачная істота. Яго раманы – гэта зборышча нейкіх інфернальных істот, якія сышліся не для таго, каб жыць па-людску, а для таго, каб пакутаваць і бесперастанна тыраніць адно аднаго. Яго героі дзейнічаюць і размаўляюць так, як рабілі б людзі, здымі яны з сябе маральныя забароны і адпусці тармазы. Станоўчых герояў у Дастаеўскага практычна няма, а нам для лагоды і адпачынку патрэбныя такія героі. Таму Дастаеўскі чытаецца цяжка так званымі простымі людзьмі, якія любяць у жыцці толькі прыемнае і гоняць ад сябе думкі пра смерць. Тыя ж, хто ў жыцці парадкам пакутаваў, хто паміраў і не памёр ад хваробаў і войнаў, знаходзіць у творах Дастаеўскага чыстую праўду.

 

Read more... )
СпасылкаПракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Жнв. 24, 2009|11:07 am]

Даўно заўважаў, што ў выкладчыкаў, рэдактараў, ва ўсіх тых, ад каго залежаць лёсы людзей (студэнтаў, пісьменнікаў), нейкі гіпертрафіраваны гонар бывае, нерэальна завышаная самаацэнка. Узброяцца пасадай, пасведчаннем, дыпломам і лунаюць у сваіх паднебных вышынях. Жыцця ж, рэальнага кошту рэчаў не ведаюць абсалютна. Даруйце, што лезу ў чужую дыскусію, аднак не мог прайсці міма, смяяўся ад усёй душы. Парада традыцыйная: будзь прасцейшым і да цябе пацягнуцца людзі.

http://asya-17.livejournal.com/267100.html
Спасылка21 камэнтар|Пракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Ліп. 13, 2009|12:24 pm]
[Tags|]

Газета “Новы час”

Ігар Запрудскі. “ГОРАД І СЕЙБІТЫ ВЕТРУ, ці ў цянётах магічнага рэалізму” 
18-03-2009 /


Ад сябе: зрэдку праглядаючы інтэрнэт-пашукавікі, натрапляю на розныя брыдкасці, якія пішуць пра мяне пакрыўджаныя літаратары. Яны нібы нарываюцца на грубасць з майго боку, зарабляюць ачкі, каб Южык з імі нарэшце разабраўся як мае быць. У мяне выдатная памяць празаіка, таму хай не думаюць, што я, не рэагуючы, забываю пра хамства і подласць. Усяму прыйдзе свой тэрмін.

 

Аднак часам трапляюцца ў пашукавіках слушныя спасылкі, як тое на артыкул спадара Запрудскага (якому, да слова, няма за што асабліва мяне любіць). У дадзеным выпадку магу толькі падзякаваць крытыку за ўвагу. Дзівіць, праўда, што ён упусціў галоўнае: мой “Горад” – гэта ў першую чаргу “Запіскі з падполля” Дастаеўскага плюс “Рабінзон Круза” Дэфо, а ўжо ў пятую–дзесятую – усе гэтыя Камю, Кафкі ды Муракамі. Зрэшты, Гогаля крытык слушна ўзгадаў, бо Дастаеўскі выйшаў з Гогаля, а Камю і Кафка – з Дастаеўскага, гэта на ўсякі выпадак...

 

Пра ляпсус наконт “світэра і пінжака” – дзесяць балаў пільнаму крытыку, гэта я заўважыў яшчэ паўтара года таму. А вось прымус, спадар Запрудскі, мой бацька, падарожнічаючы на “жыгулёнку”, запраўляў не газай, а непасрэдна 93-м бензінам.

СпасылкаПракамэнтаваць

navigation
[ viewing | most recent entries ]
[ go | earlier ]

Рэклама