Вы праглядаеце журнал [info]iuzhyk

Папярэдні запіс | Наступны запіс

Асіповічы-2005-ліпень

Не хацеў пісаць на гэтую тэму, але мяне завёў у выхадныя прыяцель.Тэма сама па сабе згубная і нікуды не вядзе, але менавіта таму і трэба праясніць сітуацыю. 

У мінулым “ЛіМе” Леанід Галубовіч удзяліў у сваіх “Кулуарах” месца артыкулу В.Яраца, які надрукаваў у №1 “Маладосці” рэйтынг ста “лепшых” паэтаў у гісторыі беларускай літаратуры.

Не чакаў, што Галубовіч павядзецца на такое глупства літаратуразнаўцы Яраца. Бо ясна, што пабуджальным матывам не надта вядомага паэта было звярнуць на сябе ўвагу, праславіцца. Гэта бачна з яго артыкула, дзе ён, нібыта не задаволены слабай рэакцыяй на свой рэйтынг топ-100 за 2001 год, тым не менш хваліцца немалой колькасцю водгукаў на свой колішні опус. Мала таго, увішна вырабляе топ-100 узору 2008. Зноў хоча ўкалоцца наркотыкам славы. Ломка замучыла. І гэтым займаюцца дарослыя людзі. Жах.

 

Па-першае, дарослы чалавек павінен разумець усю неактуальнасць такога рэйтынгу. Бо цікавасць да беларускай літаратуры ў грамадстве амаль нулявая. А да паэзіі нават са знакам мінус. Ці варта трывожыць нябожчыка? Трэба ж хоць трохі зважаць на рэчаіснасць і адчуваць знешняе водгулле. Беларуская паэзія – гэта настолькі закрытая скрыня, настолькі рэч у сабе, што такія рэйтынгі могуць спарадзіць да яе не цікавасць грамадства, а толькі павучынае варушэнне ў “слоіку”, бессэнсоўную цісканіну за месца “пад сонцам”, крыўдлівасць і зайздрасць.

“Чаму мяне паставілі 98-м, а графамана Пупкіна 46-м?!” – так і чуецца роспачнае ў паэтычным белліце.

 

Галубовіч параўноўвае топ-100 Яраца з тэнісным рэйтынгам. Дык там аб’ектыўным складнікам выступаюць ачкі, што налічваюцца за перамогі. А якія перамогі ў беларускай літаратуры? Хто больш выдаў кніжак у “Мастацкай літаратуры”? Дык, мяркую, Галубовіч выдатна ведае, што каб раскошна там выдавацца, пажадана займаць генеральскую літаратурную пасаду. На каго больш рэцэнзій напісана? А як яны арганізоўваюцца, тыя рэцэнзіі? Самімі ж аўтарамі, па замове, праз інтрыгі, запабяганне, ліслівасць і г.д..

Пра непатрэбнасць і адарванасць ад жыцця Ярацавага рэйтынгу сведчыць хаця б поўная адсутнасць у ім новай хвалі, паэтаў-акцёраў, паэтаў-выступоўцаў, што сапраўды папулярныя сярод філалагічнай моладзі. Але дзе там на тых выступах паэзія? Дзе вы яе бачылі? Там ідуць на артыстаў, на дэкламатараў, на прамоўцаў, на клоунаў, на гітарыстаў, а яшчэ для таго, каб патусавацца з нуды і прыдбаць сабе якога каханка ці каханку з беларускамоўных, блізкіх “па духу”. Вось месца паэзіі ў нашым жыцці. І толькі ў гэтым. Яна яднае не дух, а плоць, як тое ні скрушна. Дык ці не пара перастаць пра яе гаманіць, тым самым перастаўшы апаганьваць святое імя Паэзіі. Па мне, дык калі ты не паэт ад Бога, як Лермантаў, то сорамна рыфмаваць і тым больш выдаваць свае кніжкі. Ад іх адна шкода. І ганьба роду твайму. У Ярацавым топ-100 ладная колькасць махровых графаманаў, чынуш ад літаратуры, яе душыцеляў, ад адных імёнаў якіх мяне перасмыкае.

Галубовіч прапаноўвае дасылаць свае рэйтынгі. А што як я дашлю спіс, дзе не будзе нашых “песняроў”, або пастаўлю іх на 99-е і 100-е месца? Рэдакцыя мяне надрукуе?

 

Дарослым людзям варта прыгледзецца і прызнаць, што паэзія пакінула наша жыццё. Сышла з трэцяга тысячагоддзя. Рыфмаваныя патугі сучасных мамантаў ад паэзіі нічога агульнага з Паэзіяй не маюць.

Прыгледзьцеся да цяперашніх мастацкіх фільмаў і параўнайце з савецкімі. Дзе лірычныя адступленні, дзе песні, якія кранаюць душу, дзе пейзажныя паўзы? Іх даўно і трывала няма. А ёсць максімальная хуткасць змены фрагментаў і максімальнае дзеянне. Дух паэзіі пакінуў зямлю. Таму рыфмуецца пустата. Гэта рэальнасць. Хочам мы таго ці не, а паэзія знікла з еўрапейскай культуры і мае значэнне толькі для саміх паэтаў. Паэт (чытай – версіфікатар) сам сабе і чытач, і крытык, і прапагандыст. Гэта духоўная мастурбацыя. Нягожа ўсё-ткі гэтым займацца. Тхне непрыстойнасцю.

Куды сумленней ісці са сваімі рыфмаванкамі ў народ, у залы, цешыць іранічным пацвельваннем з класікаў, гітарнымі пераборамі, танцамі-шманцамі, перформансамі і г.д. Прынамсі такі балаган не выпадае з сучаснасці. Народ даўно не хоча высокага. Ён хоча яркага, гучнага і вясёлага. Гэта прадвесце духоўнага заняпаду цывілізацыі. Але гэта аб’ектыўны, неадхільны працэс.

 

Нават апублікаваўшы сотню “топ-сотняў” паэтаў у тым жа “ЛіМе”, мы не вернем паэзію ў грамадскую свядомасць, а толькі спародзім, паўтаруся, унутраныя славалюбныя варушэнні і крыўды. Інтрыганства ж у татальна нечытэльнай беларускай літаратуры і так усім абрыдла да млосці.