Яна раз’ядноўвае культурную эліту з уладамі, бо не разумеюць адно аднаго разнамоўныя. Яна раз’ядноўвае нават сам беларускамоўны літаратурны працэс. У афіцыйных выданнях мова – наркамаўка, у апазіцыйных – тарашкевіца, якая злаякасна аддаляецца не толькі ад унармаванай наркамаўкі, але і ад жывой мовы вяскоўцаў, народнай. “Дзеяслоў” наогул стварыў сімбіёз наркамаўкі з тарашкевіцай. Нішто вышэйзгаданае не спрыяе лучнасці культурнай эліты.
Апазіцыянеры ад літаратуры не прызнаюць ніякай іерархіі, апроч сваёй з пальца высмактанай. Прычым не грэбуюць лічыць “сваімі” Барадуліна, Някляева, Бураўкіна – усіх тых, хто аддана служыў не так беларускаму слову, як сабе (шалёныя ганарары, слава) і савецкай уладзе. Дый Быкаў, якім “Свабода” размахвае як жупелам, някепска жыў пры Саветах, друкаваўся мільённымі тыражамі, але чамусь рэзка знелюбіў Лукашэнку і з’ехаў на хлябы пераможаных і ненавісных яму фрыцаў. Зразумела, што да такой апазіцыі і такіх літаратурных апазіцыянераў даверу ў нармальнага чалавека не можа быць. Але трэба адпрацоўваць заходнія гранты, а даюцца яны толькі пад НЕШТА. Тут ужо не да парсючкоў, калі свінню смаляць. Даводзіцца прызнаваць патрыётамі і нязломнымі барацьбітамі з “рэжымам” і Барадуліна і Бураўкіна. Карміцца ж хочацца.
Так званая апазіцыйная літаратура да камізму не прызнае за сур’ёзных пісьменнікаў тых, хто друкуецца ў холдынгу. Нават блізкія сяброўскія і сямейныя сувязі тут не дапамагаюць. Гэта нейкім фундаменталізмам папахвае. А ўжо што варэннем у сваім застойным гнілым саку – дык як лёду.
Холдынгаўскія выданні, акрамя “ЛіМа”, таксама робяць выгляд, што няма ні Арлова, ні Хадановіча. Нават не ўзгадваюць іх – як чарцей у царкве. (Грэх памінаць нячыстую сілу.) Самае пацешнае ў гэтым тое, што барацьбіты з уладамі, ненавіснікі холдынга і заўсёднікі “Свабоды” спакойна сабе працуюць на дзяржаўных пасадах ва універсітэтах і акадэміях, выкладаюць, выхоўваюць пакаленні інтэлігенцыі. І пры тым смокчуць замежныя гранты. Не ванітуе? Ясна, што гэта не сапраўдная, а марыянетачная, падкантрольная літаратурная апазіцыя.
Але раз’яднанне адбываецца і ўнутры літаратурных суполак. Вонкава, напаказ, усе зацікаўлены ў высокамастацкіх творах. А ў рэаліях усё як заўсёды. Друкуюць тых, хто выгадны, хто бліжэй да кармушак. Астатніх – гады ў рады, як падачкі.
Я адзін з нямногіх, каму адносна пашанцавала, таіць не буду. “Полымя” мяне пачула і дапамагло. Ніводнай адмоўнай рэцэнзіі на маю прозу не надрукавалася. Усе ў той ці іншай ступені станоўчыя. Здавалася б, мне дапамаглі і я ў нейкай ступені памог. Бо нармальнаму рэдактару, калі ён даверыў камусьці месца, малапрыемна чытаць у аглядах часопісаў разносныя рэцэнзіі на дэбютанта.
Але парадокс. Не займаючыся крытыкай прафесійна, я пастаянна атрымоўваю прапановы з выданняў адрэцэнзаваць той ці іншы твор. Займаючыся ж прафесійна прозай, атрымоўваючы вусную пахвалу ад розных прафесіяналаў, я ніколі не меў ніводнай прапановы тыпу: “Міхась, ведаеш, братка, ты там цікава пішаш на сучасную тэму, што там у цябе з новенькага, пакажы? Я даю табе гарантаванае месца на дванаццаты нумар”. І падазраю, што падобных прапаноў я не дачакаюся аніколі. А таму кожнага разу мушу засоўваць свой гонар куды падалей і ісці сціплым прасіцелем са сваім рукапісам. І гэта на фоне таго, што пастаянна раздаюцца ў друку роспачныя нараканні, што няма прозы на сучасную тэматыку. “Няма сучасных раманаў! Дайце нам іх!”
Ды дам, дам, паважаныя, і даваў, і друкаваліся яны. Пра самую што ні ёсць сучаснасць. Не заўважылі? Чатыры гады я чуў падобныя галашэнні, з 2004 па 2008 год, пакуль “Марыянеткі” вылежваліся ў “Мастацкай літаратуры”, а я, падвяргаючыся страшным уніжэнням, даставаў званкамі галоўрэда Віктара Праўдзіна. У яго нават у інтэрв’ю па радыё, чуў, пыталіся: чаму не друкуеце пра сучаснасць? Не знаходзіў адказу паважаны рэдактар, не скажаш жа, што на ўсякіх убогіх Южыкаў дзяржаўных грошай шкада. Тут бы дай Бог СВАЕ кніжкі адціснуць паспець.
Не ведаю, што пабудзіла “Мастацкую літаратуру” ўсё-ткі выдаць “Марыянетак”. Зноў жа мне дапамаглі – і я ўскосна памог: добрую рэцэнзію напісаў на яе ў “ЛіМ” не знаёмы мне Чарнякевіч. Зноў жа, здавалася б, друкуй тых, каго будуць чытаць і на каго станоўчыя водгукі. Але зноў жа падазраю, што пайду я вартым жалю прасіцелем са сваёй “Лесвіцай”, якая друкавалася не абы-дзе, а ў “Полымі”, і буду слёзна маліць злітавацца ды паспрыяць з кніжкаю. Толькі няўжо ж усе думаюць, што літаратура толькі ДАЕ літаратару, а нічога ад яго не БЯРЭ? Можа, і ён нешта ў яе прыўносіць?
Складваецца поўнае ўражанне, што не чуем мы крытычнага слова. Друкуем тых, ад каго нармальных людзей верне, хто непапраўна састарэў, як Бураўкін і Барадулін, пры ўсёй павазе да іх ранейшых набыткаў. Не трэба ж выстаўляць сябе на пасмешышча. Беларускі чытач, паверце, не дурань набіты.
Самае прыкрае, што ніхто па вялікім рахунку не вінаваты. Абставіны. Жыццё. Рэчаіснасць праклятая. Ну амаль не залежаць тыражы беларускіх выданняў ад якасці твораў, дык навошта друкаваць тых, з каго выгады аніякай. Кшталту Южыка.
Але ж паўтаруся, мне пашанцавала яшчэ. Холдынгаўскія рэдактары мяне не адразу, але зразумелі і дапамагаюць па меры магчымасцяў. Толькі магчымасці ў нас, смяротных, абмежаваныя, вось у чым штука. Не будзеш друкаваць “знакамітых” і ўплывовых графаманаў – ці доўга на той пасадзе ўтрымаешся. Па лязе нажа ходзяць рэдактары дзяржаўных выданняў. Усё разумеюць, баліць ім, як любым нармальным людзям, але не заўсёды чалавек можа жыццё разруліць, часцей яно руліць.