Ні слова пра “Мільярд удараў” (паводле прозы Ю.Станкевіча) Беларускія празаікі страшэнна захопленыя сабой. Сказаць ім добрае слова пра калегу – што сабе руку адсячы. Яны зазвычай і не чытаюць адно аднаго. А калі ўжо апускаюцца да гэтага нізкага занятку, то найчасцей – з пачуццём грэблівасці і чуйнай рэўнасці. Таму трэба мець нешараговы талент, каб прымусіць сабратаў пра цябе гаварыць. Юры Станкевіч – з тых нешматлікіх сучасных беларускіх празаікаў, каго чытаюць і каго абмяркоўваюць. Незалежна ад таго, любяць ці не. Часцей нават не любяць. Асабліва людзі з рамантычным складам мыслення (аматары Караткевіча) і зацятыя феміністкі. Чуў ад жанчын, што іх абурае грубае стаўленне аўтара да іхняга полу, маўляў, не знаходзіць ён у іх належнае глыбіні, а палавыя стасункі апісвае выключна тэхналагічна. Тут можна спрачацца, але пэўная рацыя ў гэтым ёсць: Станкевіч – не для рамантыкаў, а для жадаючых разабрацца ў жыцці, намацаць ягоную праўду, у якой бы гаркоце яна ні паўстала. За апошні год я купіў толькі дзве кнігі беларускай прозы. Ды і тое адна, мінчанкі Алены Паповай, рускамоўная. Другая ж – Станкевічаў “Мільярд удараў”. Абедзве кнігі я набыў пасля прачытвання іх твораў у перыёдыцы. Талент не схаваеш. Хоць пад час чытання і Паповай і Станкевіча хацелася больш спрачацца, чымся згаджацца. Парадокс у тым, што чым больш са Станкевічам спрачаешся, тым азартней хочацца яго чытаць. Не прыгадаю ніводнага яго аповеду, які б не хацелася дамалаціць у адзін прысест. У чым жа сакрэт? Падаецца, у ідэйнай напоўненасці твораў, нягледзячы на ўсю іх грубасць і нахабны сарказм. Ідэйнасць па сённяшнім часе – штука рэдкая, можна сказаць, эксклюзіўная. Большасць беларускіх празаікаў “новай хвалі” – банальныя папсавікі, іх творы нагадваюць грыбы-порхаўкі, калі не паганкі. Таму і заглыбляцца ў тыя “грыбы” не хочацца, каб не апырскацца іхнім чыхлівым пылам, або не атруціцца зусім. Ім нішто ўжо не баліць, бо яны самі поўныя ядам. Той жа, каму не баліць, – амаль што нябожчык. А каму хочацца размаўляць з жывым трупам? Такіх не чытаю. Станкевіч жа абсалютна рэальна і відавочна змагаецца з навакольным дзярмом, жыць у якім “душа паэта” не ў змозе. Прымітывізм яго тэкстаў, які адзначаюць некаторыя крытыкі, – гэта насамрэч вылучэнне напаказ самых брыдкіх і выродлівых праяў нашага побыту, побыту сучаснага еўрапейскага чалавека. “Нашай цывілізацыі трындзец, яна неўзабаве загнецца!” – б’е ў набат Станкевіч у сваіх шчырых аповедах, а звышдасведчаныя крытыкі, вывучаныя на Коласу і Шамякіну, працягваюць абурацца грубаму натуралізму ягоных твораў. “Зашмат агідных сцэн! – бухцяць яны. – Дайце нам прыгажосць, палюбіць хараство жыцця дайце!” Дык хай бы тады чыталі паэтычнага Караткевіча – там усё гэтае прыгожае і натхнёнае аж пад завязку. Толькі ці праўдзівая тая Караткевічава прыгажосць? Юры Станкевіч з гогалеўскай упартасцю працягвае даводзіць нам, якія мы брыдкія. (А які вырадак любіць глядзецца ў такое люстэрка? Вось-вось.) Мы ж з не меншай упартасцю зарываем галовы ў пясок, аддаючы, зрэшты, рэчаіснасці нашы заднія месцы ў бязмежнае карыстанне. Станкевіч чалавек мужны. Бо такая проза кідае цень і на самога аўтара, у сэнсе спараджае пагалоскі ў ягоных комплексах, ненармальнасцях... О, бедныя шызафрэнік Гогаль з эпілептыкам Дастаеўскім, як жа ім гэтыя псіханеўрозы нашкодзілі ў творчасці! Замест таго каб проста жаваць і наталяцца сабой, гэтыя ідыёты марнавалі паперу сваім бурклівым трызненнем... Высокая літаратура, у адрозненне ад пошлай белетрыстыкі, заўсёды пратэстуе і баліць страшным болем. Не сумняваюся, што Станкевіча будуць чытаць наступныя пакаленні. Калі, праўда, згодна канцэпцыі самога аўтара, на нашай тэрыторыі не запануюць іншыя расы. |