Реклама

Міхась Южык - [entries|archive|friends|userinfo]
Міхась Южык

[ website | Творы ў Інтэрнеце ]
[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

[Июл. 25, 2008|12:46 pm]
Previous Entry в избранное рассказать другу Next Entry
[Tags|]

Рэцэпт вінегрэту

(раман Н.Бабінай “Рыбін горад”)

 

Мастак заканчваецца тады, калі становіцца рупарам чыёйсьці ідэалогіі. Гэтую няхітрую ісціну нашы творцы часам забываюць, спакушаныя ўвішнымі выдаўцамі.

 

Калі нейкі твор назойліва раскручваюць, то я яго звычайна не чытаю, бо ведаю, што гэта будзе літаратурная падробка ў 99 выпадках са 100. Аднак астатні адзін працэнт раз-пораз штурхае мяне азнаямляцца з творамі, пра якія зашмат гамоняць. Гамоняць, праўда, пераважна з адных і тых жа знаёмых нам радыёкропак і выданняў. То бок расхвальваюць тыя, хто сам жа і выдае і апякуецца, і спрабуе адбіць хоць нейкія грошы, укладзеныя ў такі твор.

 .

 

Дык вось, толькі што прачытаў раман Наталкі Бабінай “Рыбін горад”. Перш чым абрынуцца на яго валам крытыкі, зраблю неабходны ўступ і скажу, што гэта далёка не горшае сучаснае чытво з тых, што мне даводзілася гартаць у апошнія некалькі гадоў. Аўтарка падалася мне цікавым і таленавітым чалавекам, які мае адметны стыль і даволі тонкае пачуццё гумару. Больш за тое, Бабіна здатная мысліць глыбока, ужывацца ў свае персанажы, глядзець, так бы мовіць, далей за ўласны нос.

 

Тым больш прыкра, што такі непусты і, як здалося, харошы чалавек злавіўся на вуду сучаснай папсовай літаратуры.

 

Але аб усім па парадку. З першых жа радкоў рамана аўтарка спрабуе какетнічаць з чытачом, што само па сабе з’яўляецца прыкметай жаночых раманаў, сціжмы якіх запаланілі паліцы нашых кнігарань. У першай главе я-гераіня ваюе з чортам досыць адметным спосабам – хвошча яго па мордзе гігіенічным падкладам, што ўвесь у крыві яе месячных. Не дзіва, што чорт злякаўся і ад яе назаўжды адчапіўся. Зрэшты, не зусім назаўжды. Бо ў розных абліччах ён з’яўляецца перад гераіняй на працягу ўсяго доўгага, як па сучасных мерках, рамана.

 

Далей мы даведваемся аб нерэальнай выключнасці я-гераіні ў плане біяграфіі. Яна народжана як другое блізня, другім нумарам, якое дурны фельчар ужо не чакаў і зашываў надарваную похву яе маці. Яе бацькі загінулі абое ў аўтааварыі, калі дзяўчаткам было зусім мала гадоў. Гадаваліся ў бабулі. Потым замужжа, дыягназ бяздзетнасці, адназначна выстаўлены эскулапамі, потым нараджэнне насуперак гэтаму выраку дачушкі, потым дыягназ у дачушкі “рак”, смерць. Далей дэпрэсія, алкагалізм, наркаманія. Бессардэчны муж адварочваецца і баязліва кідае. Не адступаецца сястра Уляна, што цягае я-гераіню па дактарах і лякарнях. Нарэшце з наркаманіяй як быццам скончана, а алкагалізм залечаны да фазы рэгулярнага адзінокага п’янства. Вось у такім выключным і, трэба сказаць, фантастычным выглядзе паўстае галоўная гераіня рамана. Пасля такой навыдумлянай біяграфіі дасведчанаму крытыку становіцца ясна, што перад ім будзе разыграна нейкая буфанада і што верыць ні героям, ні іх прамовам катэгарычна забараняецца. Бо далей чытача будуць падманваць і вадзіць за яго доўгі нос.

 

Так, у прынцыпе, і здараецца. Аднак гэта б яшчэ не бяды, каб Бабіна не ўздумала пісаць палітычную заказуху, якой пачынае тхнуць недзе з пятай-шостай главы. Дзеянне рамана, аказваецца, адбываецца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. На сцэну жвава выскакваюць “злыя дзядзькі” – бяздушныя міліцыянты, амапаўцы, кэдэбэшнікі, разнамасныя бандыты з пудовымі ланцугамі на шыях, усялякія СІЗА, кутузкі, аўтобусы, куды пхаюць бязвінную я-гераіню і з мацюкамі мяцеляць нагамі. Карацей, аўтарка насычае раман усемагчымымі штампамі і клішэ, якія даўно выпрацаваны і навязваюцца незалежніцкай прэсай і радыё. Свайго, аўтарскага погляду на рэчы, філасофскага аналізу і блізка няма. Ён нават не начаваў.

 

Станоўчыя ж героі, дзве сястры Ала (я-гераіня) і Уляна, губай сюжэтнай нацяжкай аўтаркі ўцягнуты ў палітычную барацьбу. Уляна шчыруе ў выбарчым штабе незалежнага кандыдата Гарабца, а былы муж Алы выстаўляе сваю кандыдатуру, ні многа ні мала, на прэзідэнта краіны. Зрэшты, неўзабаве, спакушаны абяцанымі падатковымі льготамі, здымае сваю кандыдатуру на карысць наймацнейшага кандыдата. Шкура, дый годзе. А што можна было чакаць ад чалавека, які семнаццаць гадоў таму кінуў сваю жонку-алкагалічку?

 

Словам, паважаны чытач, ваш крытык заходзіўся ў лёгкім шоку ад гэтай тапорнай літаратурнай падробкі, якую “Свабода” і “Наша ніва” спрабуюць выдаць за твор мастацтва. Ды што там спрабуюць – актыўна перакладаюць і раскручваюць на замежжа, бо там, на блаславёным Захадзе, чакаюць не дачакаюцца паказаць Беларусь у выглядзе гэткага карыкатурнага монстра. Хадульнасць і ўсё тая ж карыкатурнасць герояў рамана ўражваюць. Зрэшты, чытачы, выхаваныя на Данцовай і Марынінай, зусім не будуць збянтэжаны. “Рыбін горад” – досыць прыстойны ўзровень для бульварнай літаратуры. Абурае вось што. Тыя расейскія дамы-пісьменніцы хоць бы шчыра называюць сябе белетрысткамі, таму з іх, кажучы па-расейску, і «взятки гладки». У выпадку ж “Рыбіна горада” нам абсалютна рэальна намагаюцца ўпарыць доктарскую каўбасу замест сервелату, то бок спехам зляпаную белетрыстыку замест мастацкай прозы.

 

Памылка Наталкі Бабінай ў тым, што яна павялася і дала згоду задзейнічаць сваё пяро ў гэтым смяхотлівым фарсе. Пісьменніца яна, паўтаруся, таленавітая. Магчыма ў кнізе апавяданняў, што выйшла ў гэтай жа серыі (“Кнігарня Нашай Ніва”), усё па-другому. Бо ў тых эпізодах рамана, дзе Бабіна апісвае побыт і псіхалогію сялян, то бок тое, што адчувае сэрцам, яна выглядае цікава, адметна, кранальна. Вобраз дзевяностасямігадовай бабулі (адзіны нехадульны ў рамане), якая да апошніх дзён захоўвае энергію і спрыт, падаўся вельмі праўдзівым, прачулым, узятым з саміх сакральных глыбінь жыцця. Выдатна апісана скруха я-гераіні, яе перажыванні пасля смерці любай бабулі.

 

Але, паважаны чытач, пасля агрэсіўнай раскруткі гэтага твора як найсучаснага рамана я чакаў пабачыць гарадскі сучасны раман. У выніку ж праглынуў вінегрэт са звыклай беларускай вясковай прозы і ўстаўкамі-клішэ “аля Данцова” пра злых бандзюкоў. Горад пісьменніца, як і большасць беларускамоўных літаратараў, не адчувае зусім. Усю яго сацыяльную складаную размаітасць яна так да свайго сталага веку і не спазнала. Таму выправы я-гераіні ў Брэст і Мінск выглядаюць штучнымі, прыцягнутымі за вушы і або заканчваюцца ў судзе і СІЗА, або падаюцца простым пералічэннем, напрыклад, адметных месцаў сталіцы. Але назвы “Круглая плошча”, “Пераможцаў”, “Леніна”, “Дзяржынскага”, “Партызанскі праспект” – гэта грубая аднабаковая хохма з сутнасці Мінска, і яўнае падыгрыванне Захаду, які толькі і будзе выдаваць кніжкі, дзе на ўсе лады абгаджваецца наша сталіца. “Дзіка было глядзець на поўны люду дымны горад пасля прастораў Дабрацічаў”, – гэтая банальная, зацёртая па сваім сэнсе фраза празаікаў-вяскоўцаў хораша перадае ўвесь сэнс разумення Бабінай гарадскога жыцця. Горад яе ДЗІКА палохае. Ці не адсюль комплексы злых “уладаў”, што акапаліся ў гэтым дзікім горадзе і не даюць свядомаму беларусу жыць у сваіх ціхіх Дабрацічах. Жудасны адрыў ад рэальнасці. Што для празаіка раўназначны дыягназу “кома”.

 

Мова ў Бабінай харошая, гнуткая, каларытная. Аж занадта каларытная, праўда. Страшэнна рэжуць вуха ўсялякія дыялектызмы, нязвыклыя словы тыпу “бар’які”, наватворы тыпу “адруховы”. Нераўнадушная аўтарка чамусьці да слова “дупа”, якім часціць з такім захапленнем, што нават старэча Фрэйд адпачне.

 

Даволі частыя ў кнізе і моўныя хібы, і карэктарска-рэдактарскія агрэхі. Напрыклад, фраза: “– А што вы ўсе на мяне глядзіце?” (с.157) – з’яўляецца памылковай, бо ў дадзеным выпадку трэба пісаць “гледзіце” або “гледзіцё”. Сустракаюцца, пры агульнай антырасейскай скіраванасці мовы, і прымітыўныя расейскія калькі (прыкладам, “адчыняемага”, “пракрочыў”). Такія ляпы, відаць, па іроніі лёсу ўказваюць на няшчырасць нянавісці аўтаркі да Расеі. Бо як жа яе не любіць, матухну, калі ў тэлеэкране яна з раніцы і да раніцы? Як казаў журналюга Познер, паказвай у тэлевізіі штодзень конскі азадак, і праз месяц ён стане самым дарагім для гледачоў чалавекам.

 

Пра шматлікія сюжэтныя нацяжкі і капіраванне Караткевіча (старадаўні рукапіс, відзежы-трызненні) не варта ўжо і казаць, бо твой крытык, спадару чытач, прытаміўся, калі папраўдзе.

 

Пры канцы няпоўнага разбору гэтага белетрызаванага рамана Наталкі Бабінай хочацца параіць тым, хто мае жаданне разабрацца ў сутнасці мастацкай творчасці, каб не весціся на шматлікія літаратурныя падробкі, імя якім – легіён, – гэтым нямногім дапытлівым чытачам проста неабходна дасканала вывучыць "Што такое мастацтва?" Льва Талстога. У ёй вялікі мысляр дае грунтоўны аналіз еўрапейскага мастацтва ў цэлым і перспектыве. Акрамя таго, там ёсць пералік літаратуры найбуйнейшых еўрапейскіх філосафаў, каго ён вывучаў цягам пісання сваёй працы. Асабліва, па-мойму, гэта важна для студэнтаў-філолагаў і (яшчэ асаблівей!) для будучых крытыкаў мастацкай літаратуры. У добры, як кажуць, шлях.

 

PS. Напачатку хацеў зрабіць вышэйнапісанае ў выглядзе артыкула для “ЛіМа”, а потым падумаў, што гэта прымусіць мяне штучна стрымлівацца. А карцела выкласці свае меркаванні без боязі магчымай цэнзуры, на ўсю, так бы мовіць, закрутку. Тым больш што літаратурнае жыццё ўсё актыўней перацякае ў Сеціва

 

ссылкаОтветить

Реклама