(падзеі восені 1993 г., Мінск)
Дамы, дамы і дамы… Жаўтлявыя, грувасткія, “сталінскага ампіру” будыніны аблямоўваюць адзін з цэнтральных пляцоў горада. Вясёлыя і прыветлівыя ў сонечны чэрвеньскі дзень, яны цяпер, пад свінцовым кастрычніцкім небам, робяць даволі гнятлівае ўражанне. Згалелыя касарукія дрэвы, сям-там нібы паўтырканыя ў асфальт, маркотна навісаюць над прахожымі. Дрэвы, у адрозненне ад рухавых людзей, чакаюць доўгія, невясёлыя, бязлісцевыя месяцы. Дрэвы не здолеюць вынайсці сабе забавак тыпу Новага года, Калядаў, Масленіцы, яны не змогуць катацца на каньках, санках і лыжах, а затым грэцца ў цёплым пакоі перад тэлевізарам… З гэтых дзён і ажно да канца красавіка яны мусяць бяздзейна назіраць, як віруе паўз іх неспасціжнае людское быццё.
На пачатку пятай гадзіны вечара цёгся пад гэтымі голымі дрэвамі Васіль Сурмач. І вось па якой патрэбе.У адной з гэтых старамодных будынін, з двара, мясцілася рэдакцыя вельмі самавітага літаратурнага часопіса рэспублікі. Дачыненні маладога інжынера з гэтым паважаным выданнем былі досыць пакручастыя і неадназначныя. Першы наступ на яго Васіль зрабіў яшчэ зімою, месяцаў дзевяць таму назад. Узяўшы пару нумароў гэтага часопіса ў брата Яўгена, Васіль пералапаціў іх ад вокладкі да вокладкі і па ўласцівай пачаткоўцам наіўнасці рашыў, што яго вершам тут самае месца. Бо вершаваныя творы, знойдзеныя Сурмачам на старонках гэтага выдання, па-першае, не выклікалі ў яго буру захаплення, па-другое, падаліся даволі слабай пародыяй на класікаў. І вось іменна ён, Васіль, прыўнясе туды свежы струмень паэзіі, скажа новае слова. (Такія глупствы зачаста завітваюць у галовы маладых ды нявопытных.) Падбухтораны гэтай збродлівай думкай, ён, не доўга вагаючыся, адціснуў пасля работы на стужкавым сектарскім прынтэры штук дваццаць сваіх вершаў, уклаў іх у канверт і блаславіў на лёгкую дарогу.
З гэтай адсылкай Сурмач паступова стаў заўважаць за сабой дзіўныя рэчы. Жыццё, раней такое простае і бесклапотнае, абцяжарваў цяпер нейкі падсвядомы верад: ці дайшло, ці спадабаецца, ці прымуць, ці надрукуюць?.. Механізму адсочвання лёсу сваіх тварэнняў у нетрах рэдакцый Васіль не ведаў, у брата ж спытацца не мог, паколькі тады яшчэ ад усіх скрываў сваю паэтычную хваробу. Праходзілі дні, міналі тыдні і месяцы, а вестак з рэдакцыі не паступала ніякіх. І станавілася ясна, што там, у часопісе, ад яго вершаў, прынамсі, ніхто ў экстаз не прыйшоў. Больш за тое, у душу міжволі закрадвалася неспакойнае: ці чыталі іх наогул? А калі чыталі, чаго ж маўчаць? А калі не чыталі, значыць – не дайшло? А калі не дайшло, то як гэта праверыць? А калі і дайшло, і чыталі, і забракавалі?.. О жах! Словам, падобная блытаніна думак, гэткае чаканне ля мора пагоды выбілі Сурмача з прывычнай каляіны, а самае галоўнае, перасталі пісацца вершы. Бо як жа пісаць, калі, мажліва, яны нічога не вартыя? Утварылася нейкая душэўная няволя, і ад яе трэба было пазбаўляцца. Праз тры месяцы такога нязноснага існавання, па заканчэнні ўсіх разумных тэрмінаў разгляду рукапісаў, Васіль кінуўся на амбразуру: пазваніў у рэдакцыю.
Там, вядомая рэч, аказалася, што ніхто не толькі не бачыў на свае вочы ягоных вершаў, а і наогул пра такога паэта Сурмача ўпершыню чуе. Пры гэтым Васіля ветліва запэўнілі, нібыта ўсе паступленні ў рэдакцыі прасочваюцца, і выпадкі згубы рукапісаў у іх крайне рэдкія. Відаць, ва ўсім вінаватая пошта.
Што ж, бывае. Абнадзеены Сурмач не далей як наступнага дня раздрукаваў нанова ў тым жа месцы і з таго ж файла бясследна зніклыя вершы, зноў змясціў іх у стандартны паштовы канверт, уважліва перапісаў адрас з апошняга нумара памянёнага часопіса і з добрым настроем укінуў у сінюю скрыню каля універсама “Цэнтральны”.
Але вынік быў акурат гэтакі ж. Прыветлівы голас ізноў запэўніваў самадзейнага паэта, што ніякай падборкі вершаў ад спадара Сурмача ў рэдакцыю не паступала, што, відаць, прычына ў кепскай рабоце пошты. Васілю адразу прыгадалася, што за гады яго салдацкай службы на Далёкім Усходзе гэтая нядбаліца пошта чамусьці не згубіла ніводнага са шматлікіх лістоў яго перапіскі з бацькамі і таварышамі. У паштовых аддзяленнях грошы выцягвалі з канвертаў – гэта было. Але каб пісьмы не знаходзілі свайго адрасата…
І вось амаль праз паўгода пасля адпраўкі першых вершаў Васіль уласнаручна даставіў трэцюю іх копію ў гэтую непрыступную рэдакцыю. Праўда, з літсупрацоўнікаў у той дзень на месцы нікога не было, аднак сакратарка, што нешта рухава страчыла ў адзіным незамкнутым кабінеце, паабяцала перадаць Сурмачаву пісаніну па прызначэнні. Але Васіль быў ужо стары ліс і меў падставы не напоўніцу давяраць падобным перасылкам, а таму назаўтра ж пазваніў у аддзел паэзіі і пацікавіўся лёсам сваіх злашчасных вершаў. Вядома ж, пра іх не было і почуту. Тады раз’ятраны паэт запатрабаваў да тэлефона сакратарку. На гэта яму лагічна адказалі, што сакратарак у іх тры: якую менавіта? Ледзь стрымліваючы паток праклёнаў, Васіль удакладніў, што тую (хударлявую, бялявую і ў акулярах), якая сядзіць за першымі ад увахода дзвярамі. На шчасце, тая дзяўчына была на працоўным месцы. Яна тут жа ўспомніла маладога чалавека, успомніла рукапіс, перададзены ім ёй, але выказала здзіўленне, што яго (рукапіс) не могуць знайсці: яна ж апоўдні аддала яго нейкаму Пятру Пятровічу. І тут, дзякаваць Богу, высветлілася, што Пятро Пятровіч з’яўляецца рэдактарам аддзела публіцыстыкі, а ніяк не паэзіі, і што няўважлівай сакратарцы вершы (!) чамусьці падаліся нарысам. Яна шчыра прасіла прабачэння. Але ад таго шматпакутнаму Васілю было не лягчэй, бо Пятро Пятровіч толькі што з’ехаў у камандзіроўку, вернецца прыкладна праз тыдзень, а ключ ад яго кабінета ёсць яшчэ толькі ў галоўнага рэдактара. Галоўны ж рэдактар зараз знаходзіцца на семінары маладых літаратараў за горадам і будзе не раней як праз тры дні…
Чартыхаючыся, Сурмач аддрукаваў чацвёртую копію нешчаслівае долі вершаў і ў раздражнёным душэўным стане ўварваўся ў рэдакцыю. З суровым тварам, не вітаючыся і не зважаючы на гутарку рэдактара аддзела паэзіі з нейкім наведвальнікам, перадаў яму Васіль з рук у рукі свой рукапіс. Затым дзелавіта дастаў з кішэні блакнот і запісаў, як таго рэдактара велічаць, а таксама спытаўся, калі яго рукапіс маецца быць прачытаны. Рэдактар, нягеглага выгляду пажылы мужчына, паабяцаў прагледзець яго не раней як праз месяц, спасылаючыся на завал матэрыялам.
Што ж – месяц дык месяц. Крыху выпусціўшы пару, Сурмач развітаўся і рушыў да выхаду.Няцяжка здагадацца, што і праз месяц, і праз два вершы не былі прагледжаны звышзанятым рэдактарам аддзела паэзіі. Гэтаму перашкаджалі: то нарада секцыі паэзіі ў Доме літаратара, то пасяджэнне Прыёмнай камісіі, то падрыхтоўкі да шматлікіх вечарын у гонар юбілеяў усялякіх заслужаных літаратараў, то зноў завал матэрыяламі, то нарэшце хвароба рэдактара. Праз тры месяцы тэлефоннай вайны з непадступным тоўстым часопісам (і папярэдніх паўгода галаватлуму) Сурмач такі дабіўся аўдыенцыі па сваіх вершах.
Пачуццё, з якім ён сёння ішоў у гэтую агорклую рэдакцыю, было не з прыемных. Звычайная інжынерная логіка падказвала, што не кіем, то паленам – усё ж тым самым дрэвам – яго адтуль вытураць. Тая ж логіка гаварыла, што да сузор’я імёнаў, якія нязменна з’яўляюцца на старонках гэтага самавітага выдання, і якія ён зазнаў яшчэ па школьных падручніках, яго маленькая зорачка ніякім чынам не можа дапасавацца. Да таго ж за гэтыя дзевяць месяцаў завочнай барацьбы меў грэх Васіль паказаць брацельніку, далёка не першаму літаратару Беларусі, свае творчыя набыткі. Вынік, як мы ведаем, быў несуцяшальны. Яшчэ не тое, мабыць, урэжуць яму літаратурныя зубры… Але – назваўся чортам, то й лезь у пекла.
…У кабінеце, куды завітаў Васіль, сядзеў той жа нягеглага выгляду дзядзька гадоў пад шэсцьдзесят, што і мінулым разам. Па ўсім відаць, ён не быў завалены справамі, бо чытаў за сталом з дапамогай акуляраў газету. На адным краі стала ляжаў тонкі стосік аркушаў, на другім стаяла прысадзістая аляпаватая попельніца. У цэлым кабінет рабіў дваістае ўражанне: відавочныя прыкметы колішняга дабрабыту тут спалучаліся з агульным заняпадам “развальных” часін. Памяшканне было яўна разлічана не на аднаго рэдактара. Аб гэтым сведчылі чатыры нятанныя сталы-блізняты, мяккія крэслы ўздоўж сцен. Між іншым, сцены былі абшыты вагонкай. Але ўсё, акрамя стала пажылога рэдактара, здавалася як бы безгаспадарным, заняпалым. На трох астатніх сталах беспарадкава ляжала рознае начынне, часопісы, скруткі грубай паперы. Вагонка дужа пажоўкла і месцамі ўчарнела. Усё гэта, а таксама абажуры пад высокай столлю, было пакрыта гожым налётам пылу.
– Добры дзень! – прычыніўшы за сабой дзверы, бадзёра прамовіў Сурмач.
Дзядзька няспешна адарваў вочы ад газеты і зірнуў паверх акуляраў на госця.
– Дабрыдзень… – вяла і не надта прыветліва сказаў ён, і ў яго падслепаватых вачах з’явілася законнае пытанне: маўляў, з кім маю гонар…
– Я Васіль Сурмач, – ганарліва адрэкамендаваўся хлопец, наблізіўшыся да рэдактара, – мы з вамі дамаўляліся на сёння.
Каля стала, з супрацьлеглага ад дзядзькі боку, стаяла адмысловае крэсла для наведвальнікаў. Але паколькі запрашэння сесці Сурмач не пачуў, то і застаўся стаяць у нейкай няёмкай позе. Камячыў у руцэ вязаную шапку. Дарэчы, ад рэдактара моцна тхнула таннымі папяросамі, кашуля яго была не зусім свежая, а пінжак добра вынашаны.
– Так-так, помню-помню, – прытрымліваючы адной рукой дужку грувасткіх акуляраў, не зводзіў вачэй з Васіля дзядзька.
Сам рэдактар быў, відаць, невялікага росту, і яму досыць высока даводзілася задзіраць галаву.
– Дык слухаю вас, – нарэшце адклаўшы газету ўбок, па-настаўніцку прамовіў рэдактар.
– А што мяне слухаць? – недаўменна адказаў Сурмач. – Там жа… усё напісана было…
– Так-так, – загадкава хмыкнуў рэдактар. – Ну што ж, пачнём… вось з чаго…
Ён нетаропка залез у правую шуфляду і выцягнуў на свет божы да болю знаёмы Васілю рукапіс. Паклаў ад сябе праваруч і забарабаніў пальцамі па стальніцы.
– Вы мне адкажыце: ці чытаеце вы наш часопіс? – здалёк пачаў хітры рэдактар.
– Але. – Васіль адразу западозрыў падвох.
– Ага! І слаўненька, – ажывіўся рэдактар, сашчапіў пальцы рук і моцна хруснуў косткамі. – І скажыце вы мне, малады чалавек, што там на апошняй старонцы напісана?
Сурмач наморшчыў лоб.
– Дык там жа… ну, там пра аўтарскія рукапісы нешта…
– Во-во! – ахвотна пацвердзіў дзядзька. – А каб не быць галаслоўным, шаноўны… як вас?
– Васіль Сурмач, – цярпліва падказаў Васіль.
– А каб не быць галаслоўным, шаноўны Васіль Сурмач, – доўжыў мацёры рэдактар, – я бяру апошні нумарочак часопіса, – ён вывудзіў часопіс з левай шуфляды, – разгортваю апошнюю староначку… Так… І чытаю: “Даводзім да аўтараў і падпісчыкаў. Рэдакцыя прымае да разгляду празаічныя творы аб’ёмам не болей за 5 аўтарскіх аркушаў, паэтычныя – да 200 радкоў…” Вось упэўніцеся самі, – рэдактар тыцнуў часопіс Васілю пад нос.
– Не разумею… – прамямліў збянтэжаны Сурмач.
– А я паясню, – спагадліва адгукнуўся рэдактар. – У вас, паважаны, тутака, – ён прыўзняў Васілёў рукапіс над сталом і як бы ўзважыў, – на цэлую паэму.
– Якая паэма! Дваццаць маленькіх вершаў усяго, – абурыўся самадзейны паэт.
– Маленькіх? – з яхіднай праніклівасцю зірнуў на яго несамавіты дзядзька. – Ды ў вас самы малы верш – у тры страфы. Тут, харошы мой чалавеча, – прасцейшая матэматыка. Не ўкладваецеся вы… э-э… Васіль Сурмач, у дзвесце радкоў. Як ні круці.
Васіль нарэшце дапяў, што даў маху.
– Аднак не гэта галоўнае, – з велікадушнасцю пераможцы супакойваў небараку рэдактар. – Хаця, як пісаў бессмяротны класік, сцісласць – сястра таленту… Вершы, малады чалавек, не аб’ёмам адметныя… Але, паўтараю, не гэта галоўнае.
Ён з грэблівасцю (так падалося Васілю) перасунуў да сябе рукапіс і стаў яго для віду перагортваць.
– Я б мог, канешне, згодна нашым правілам, наогул не прымаць ваш рукапіс да разгляду, – працягваў сваё казанне літаратурны зубр, – але, улічваючы пазіцыю галоўнага рэдактара адсочваць усё новае, каб не прамаргаць таленавітае… толькі ўлічваючы гэтую пазіцыю, я ўважліва прачытаў вашы вершы…
Тут у Сурмачавым нутры нешта сцялося, наспружынілася, а рукі ўвобмірг пахаладзелі.
– І нічога, як я і меркаваў, суцяшальнага вам, паважаны… э-э… Васіль Сурмач, сказаць не магу.
Дзядзька пыхліва глядзеў на саматужнага паэта, высокага дзецюка, наструненага перад сталом.
– Гэта, бясспрэчна, не наш узровень… не наш… У прынцыпе, і гэтага б мне было дастаткова, каб адхіліць рукапіс адразу. Але ж я прывык усё ў жыцці даводзіць да заканчэння, выконваць, так бы мовіць, сумленна свае прафесійныя абавязкі…
Васіль знямеў і пасінеў, як тапелец.
– І вось што я вам прыпісаў на апошнім лісце вашае кіпы… – Нягледзячы на моцныя акуляры, рэдактар нізка схіліўся над аркушам, чытаючы: – “Творы В.Сурмача маюць вельмі невысокія мастацкія вартасці, у іх прасочваюцца кульганне рыфмы, недакладнасць выразаў і слабае валоданне літаратурнай мовай. Зачаста сустракаюцца гутарковыя словы і няскладныя, вулічныя моўныя канструкцыі. Вобразнасць вершаў занадта насычаная, знарочыстая, за ёй губляецца сэнсавая нагрузка твораў. Вывад: вершы В.Сурмача не могуць быць прапанаваны да друку”.
Пераадольваючы шум у галаве, скрываючы трасяніну рук, дрыготкім, пакрыўджаным голасам Васіль выдушыў з сябе:
– Дык гэта ж агульныя словы… А што, прабачце, канкрэтна вы ўказаць можаце?
– Ха! – ускінуўся шчуплы дзядзька. – А тады зноўку вяртаю вас да апошняе старонкі нашага часопіса. Чытаем: “Рукапісы не рэцэнзуюцца і па пошце не вяртаюцца…” – Ён пагардліва глянуў на гора-паэта. – Я не абавязаны вам даваць справаздачу, а толькі даводжу сваё канчатковае рашэнне. Я думаю, для вас і майго заключэння будзе замнога…
– Як жа, чакайце, – Васіль няшчадна лямчыў шапку ў руках, – гэтак атрымоўваецца, што вы да любога – ад апошняга графамана да Дастаеўскага – гэты штамп прымяніць можаце… Як жа так – без канкрэтыкі?
– Ну, каб так смыком, як языком! – гідліва адмахнуўся ад яго нягеглы дзядзька. – Мне тут адзін таксама абвяшчаў: “Ды ў мяне лепш, чым у Пушкіна, напісана!” Я вашага брата знаю…
– Пры чым тут Пушкін, – усё больш закіпаў Сурмач. – Ды ваша заключэнне – гэта ж стандартная прабрэжнеўская адпіска, такое кляймо можна дапасаваць і да любога надрукаванага ў вашым часопісе твора, да любога класіка…
– Так, шаноўны, ваш час вычарпаны! – перарваў яго абурэнні бывалы рэдактар. – У мяне яшчэ на сягоння процьма работы. А вершы вашы слабыя, вельмі слабыя… На жаль.
– Якія менавіта? Што слабае? – ажно насунуўся на дзядзьку Васіль. – Скажыце канкрэтна…
– А канкрэтна вам скажуць настаўнікі беларускай літаратуры. Паступайце на філфак, чытайце класіку, многа чытайце. А я ўрокаў не даю. У нас тут іншая ўстанова. І не замінайце мне працаваць. – Рэдактар гаварыў спакойным павучальным тонам, прамаўляў, відаць па ўсім, зацёртыя, завучаныя фразы і таму яшчэ больш раздражняў Васіля. Лепш бы ён лаяўся!
– Ды гэта ж кашмар… – Сурмач схапіў свой рукапіс са стала. – Гэта ж дэмагогія… Літаратурная пахавальня… Я скардзіцца буду!
Ён, не развітваючыся, пашкандыбаў да дзвярэй.
– Вашае права, – з насмешкай у голасе кінуў яму рэдактар. – А лепей чытайце беларускую класіку, працуйце над словам…
– Дзярмо ваша класіка! – шалёна зачыняючы дзверы, напаследак зыкнуў Васіль.
Ад гэтых слоў скалануліся сцены літаратурнага храма. Не часта гучалі тут падобныя вызначэнні.
(урывак з рамана) працяг ТУТ