У апошнім нумары “Дзеяслова” (№34) змешчаны мемуары Валянціна Блакіта, чыноўніка ад культуры за савецкім часам, якія друкуюцца з працягам. Там ён апісваў усю паднаготную працы савецкіх чыноўнікаў. Цікава было чытаць. Сустрэліся там і нашы добрыя знаёмцы, заўсёднікі “Свабоды” Законнікаў і Бураўкін. Яны шчыравалі ў міністэрствах на беларускае слова яшчэ пры Машэраву. Пры чытанні Блакіта не пакідала ўражанне, што савецкія культурніцкія чыноўнікі самі ж і ствараюць цяпер міф пра сваю адданую і ахвярную працу на карысць беларушчыны. Можа, я памыляюся. Але усё-ткі як быць з паэмай спадара Бураўкіна “Ленін думае пра Беларусь” і як сумясціць гэта з яго цяперашнім дэмакратычным незалежніцкім светапоглядам – не разумею, хоць рэжце. Вось строфы з той незабыўнай паэмы (цяпер, пэўна ж, хацелася ёй стацца “забыўнай”?): Можа, зморшчыцца строгі гісторык: "Факты выбраў на свой капыл. Гэтак нехта напіша скора – Ленін думаў і... пра Капыль..."
Я, не крыўдзячы мудрай навукі, На сябе адказнасць вазьму, Ленін думаў Пра нас і ўнукаў, Пра Капыль і Лагойск, і Карму...
I калi на стале гасцiнна Рассцiлаем мы белы абрус То таму што штодня, штохвiлiны Ленiн думае пра Беларусь. (Думаў Ленін у сэнсе – як найхутчэй перастраляць і зарыць у Курапатах цвет беларускай нацыі? – М.Ю.) Вось так рабілася літаратурная кар’ера за савецкім часам. А таму думаецца, спадар Блакіт, што беларушчына ўсё ж трымалася не на такіх, як вы, а на Багдановічах ды Караткевічах... Я нават у гэтым перакананы. Калі “Свабода” не грэбуе такімі людзьмі, то ці можна верыць яе палітычным прамовам? Радыё “Свабода”, на мой грэшны розум, гэта своеасаблівае мяса з душком. Ратуюць яе адно некаторыя шчырыя людзі, што там па волі лёсу працуюць. Чыстаму ўсё чыста, як сказана ў Новым Запавеце. |