Праверка на ссучанасць
Я падаваў сваю аповесць (“Страна перекрестков”) у часопіс «Нёман» без асаблівага спадзявання. Добра ведаў, што за людзі там захапілі ўладу і якія іх адносіны да мяне. Аднак першыя словы галоўнага рэдактара Міхася Пазнякова мяне абнадзеілі: азнаёмімся з творам, калі цікава, то, канешне, будзем падтрымліваць сябра Саюза пісьменнікаў Міхася Южыка. Аднак “не зацікавіла, ШЧЫРА КАЖУЧЫ”, як сёння паведаміў мне спадар Пазнякоў. У чым прычына? Ды ў тым, што аўтар асмеліўся апісваць не сучаснасць, а падзеі ў жыцці БЕЛАРУСКАГА студэнцтва дваццацігадовай даўнасці. Гэта, паводле Пазнякова, АПРЫЁРЫ не можа зацікавіць уяўных чытачоў “Нёмана”. Ён так рашыў. І так будзе. Што “Нёман” рэгулярна друкуе нямоглыя опусы курда Чарказяна, якія чытаць нармальнаму чалавеку НЕМАГЧЫМА, гэта нічога. Што ён цягне бясконцую эпапею акадэміка Гніламёдава з падзей дваццатых гадоў мінулага стагоддзя – гэта, безумоўна, зацікавіць беларускіх чытачоў. Нічога не кажу пра вартасць твораў Гніламёдава, а толькі – пра яго тэматыку, якую “Нёман” АХВОТНА друкуе і не лічыць састарэлай і нецікавай. Празаіку Южыку трэба стаць акадэмікам? Але пры чым тут МАСТАЦКАЯ літаратура, панове?! Спадар Пазнякоў, ці не сорамна Вам было сёння хлусіць аўтару двух раманаў, што друкаваліся ў “Полымі”, дзе ўсё ж такі ўзровень значна вышэйшы за нёманаўскі? Ці, сядаючы ў крэсла галоўрэда, Вы адразу забыліся, як публічна хвалілі творчасць Южыка на радыё? Ён так рэзка дэградаваў? Не, проста тады ён НЕ ПАДАВАЎ вам аб’ёмных аповесцяў і яго не трэба было друкаваць, а значыць, дзяліцца плошчай і ганарарамі. Цяпер жа ўсё рэзка змянілася. У “Нёмане” ўладарыць рускамоўны спадар Аўруцін, чалавек невымерна далёкі ад беларускай культуры. І таму аповесць Южыка пра БЕЛАРУСКАЕ студэнцтва 80-х гадоў зацікавіць рэдакцыю ні ў якім разе не можа (ёй цікавейшы светапогляд курда Чарказяна). Дайце нам не твор, а АСОБУ – вось спрадвечны дэвіз беларускай літаратуры. Паверце, я яго вывучыў на зубок. І тым не менш гэта не здымае са спадара Пазнякова адказнасці перад айчыннай літаратурай, калі ён пастаўлены на пасаду галоўнага рэдактара “Нёмана” і старшыні мінскай суполкі СПБ, куды і Южык уваходзіць, між іншым. Не Пазнякову мяне судзіць, не ён мне мой талент (ці не-талент) даваў. Шчыра скажу, што далёка не лічу аповесць, якую адрынулі ў “Нёмане”, лепшым сваім творам. Зусім не лепшым. Аднак казаць, што яна не будзе чытацца цікава – заведамая хлусня. Бо ў беларускім варыянце яе чыталі дзесяткі татальна рускамоўных і называлі “суперчытэльнай”. Гэта насуперак Пазнякову, якога “не зацікавіла”. Ці, скажам прама, не захацелася дзяліцца аб’ёмным ганарарам з шараговым сябрам СПБ Южыкам, які дванаццаць гадоў знаходзіцца ў інваліднай калясцы? Гэта пытанне. Пазнякоў пра маю інваліднасць цудоўна ведае. Роўна як і пра тое, што “Полымя” ахвотна друкавала два маіх раманы, роўна як і пра тое, што ганарар у маім становішчы вельмі прыдатны. Не дзеля скаргі на лёс, а для праяснення сітуацыі: я падаў гэтую не лепшую сваю аповесць у “Нёман” з адзінай мэтаю – крыху ўзмацніць сваё фінансавае становішча, якое патрабуе гэтага паляпшэння. Маці мая, да ведама спадара Пазнякова, ужо трэці год ляжыць пасля інсульту ў коме і даглядаць яе, акрамя сямідзесяцігадовай цёткі – інваліда другой групы, няма каму абсалютна. Калі цётка не зможа гэтага рабіць, то ясна, што спатрэбяцца грошы для сядзелкі. Аднак спадара Пазнякова гэта не дужа хвалюе (ён жа здаровы?), яму галоўнае – наталіць амбіцыі вялікага рускамоўнага паэта Аўруціна, якому важна друкаваць у ДЗЯРЖАЎНЫМ “Нёмане” сваю групоўку. Гэта я да чаго? Эгаіст? Магчыма. Аднак нікому не дазволю прыніжаць мой пісьменніцкі гонар. Буду звяртацца ў дзяржаўныя структуры па дапамогу. Я не пайду з міласцінай, аднак адстаю сваё законнае права як сябра СПБ друкавацца і атрымліваць ганарар. Адметна, што ніводзін галоўрэд з БЕЛАРУСКАМОЎНЫХ дзяржаўных выданняў мяне не адпрэчваў. Мятліцкі, Баравікова і тым больш Казлоў заўсёды друкавалі мае творы, разумеючы сваю адказнасць за беларускае слова перад чытачамі, народам, як бы гэта ні было гучна сказана. Мяне, спадары, не трэба пераконваць у маёй бяздарнасці ці таленавітасці, цану сваім тэкстам я добра ведаю сам і ніколі ў цэлым не памыляўся. Ведаю таксама, што шмат напісаў лухты. Ведаю, што аповесць “Страна перекрестков” – далёка не лепшы мой твор (не лепшы – не значыць дрэнны). Аднак на фоне татальнай графаманіі “Нёмана” яна ніяк не можа стацца ЗАКОННА адбракаванай адно па хаценні суб’екта Пазнякова. Бо Пазнякоў – не Гасподзь Бог. Гэты ліст я адпраўляю да кіраўніка холдынга “Літаратура і мастацтва” Алеся Карлюкевіча, які чытаў, дарэчы, мой раман “Лесвіца” (“Полымя” №8,9,10) і нават хацеў выдаваць яго кнігай. Ды нешта застопарылася. Копіі ліста пойдуць у розныя міністэрствы культуры і адукацыі. Спатрэбіцца – і ў адміністрацыю нашага Прэзідэнта. Я невыносны эгаіст у тым плане, што змагаюся за сябе. Аднак на гэтым прыкладзе даб’юся, каб цанілі мастацкае слова і ставілі на пасады тых рэдактараў, што маюць пра яго, мастацкае слова, хоць цьмянае ўяўленне. Гэта ж якім неразуменнем чалавечай прыроды павінен валодаць Пазнякоў, каб дапусціць, чытаючы мае творы, што Южык дазволіць беспакарана адвесіць сабе аплявуху. Ніколі такога не было і не будзе. Хтосьці, можа, думае, што ўсё тут, у Беларусі, канае ў Лету і бяспечна забываецца? Не, спадары, імёны і дзеянні заўжды ўсплываюць. Такія законы Гісторыі (дзякаваць Богу, што імёны гэтыя – не Наталля Касцючэнка, цяперашняя рэдактарка прозы “Немана”, а Сыс, Купрэеў і г.д) P.S. Цяпер плачуць па памерлых і самагубных паэтах Беларусі, якіх давяла “Сістэма” да гэтага. Але ж не на кожнага Гадульку знойдзецца свой Галубовіч – гэта хай кожны цвёрда запомніць. Таму буду змагацца ўласнымі сіламі. |