?

Log in

No account? Create an account
Эдгар По. Крумкач (паэма); мой пераклад - Міхась Южык [entries|archive|friends|userinfo]
Міхась Южык

[ website | Асабісты сайт ]
[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

Эдгар По. Крумкач (паэма); мой пераклад [May. 24th, 2024|10:45 am]
Міхась Южык
[Tags|, ]



Гэтая славутая паэма вялікага амерыканскага пісьменніка даўно перакладзена на шмат моваў свету, на ўсе еўрапейскія мовы. Рускамоўных варыянтаў перакладу мноства. Вось зноска на ангельскі арыгінал, падрадкоўнік і адзін з рускамоўных вершаваных перакладаў:

http://www.lib.ru/INOFANT/POE/crown3.txt

Вось якую інфармацыю пра беларускія пераклады “Крумкача” я адшукаў у інтэрнэце:

http://www.slounik.org/147143.html

http://www.voranau.livejournal.com/38760.html

http://knihi.com/zamlitra/po/krumkac.html

Прадстаўляю сваё бачанне гэтага чароўнага верша на нашай мове:

Эдгар По. Крумкач (паэма)

Уначы, парой панылай, калі з думкаю бяссілай
задрамаў я з мудрай кнігай, з важкай кнігай у руках, –
то ачуўся ўраз ад гуку, нібы нехта жвава стукаў,
быццам рэзка так застукаў да мяне нязваны страх.
“Госць, – падумаў я, – чакае за дзвярыма, а не страх.
Проста госцейка ў дзвярах”.

Ах, сваволіла прырода, выла ветрам непагода,
ценяў прывідных уроды на падлозе паляглі.
Я чакаў з бясконцай далі, покуль цені бушавалі,
памяць пра Лінор хавалі за бязрадасныя дні,
пра святую, што ў Эдэме, на аддаленай зямлі...
Згаслі тут яе агні.

Стылы шолах за парцьерай... Пашчу жах сваю ашчэрыў,
паланіў мяне між крэслаў, габеленаў, медных ваз.
З заміраннем сэрца, ціха, прашаптаў я, каб не крыкнуць:
“Гэта госць стаіць нязнаны за дзвярыма ў позні час,
проста госць таемны хоча быць са мной на гэты раз.
Проста госць у змрочны час”.

Акрыяўшы з перапуду, рады госцю, нібы цуду,
“Выбачайце, пан ці пані, ледзь расчуў у цемры вас,” –
гаварыў я з парываннем і з затоеным чаканнем,
і апраўдваўся дрымотай ля каміна ў позні час...
Толькі расчыніў я дзверы, цемра ў дом пранікла ўраз.
Толькі – цемра ў гэткі час.

Паланёны цемрай важкай, я стаяў і дыхаў цяжка,
думкі сноўдалі такія, нібы змеі з чорных нор;
доўга слухаў цішыню я – непадатную, густую,
як са змроку раптам чую слова цёплае: “Лінор!”
Гэта я шапнуў, а рэха адказала мне: “Лінор!”,
мне вярнула як дакор.

Раззлаваны гэтай стратай, зачыніўся, скрухай сцяты,
я, аднак, пачуў адразу за дзвярыма тарарам.
“Той жа стук, мацнейшы толькі! – думкі роспачнай іголкі
паімчаліся па нервах. – Той жа госць ранейшы там...
Не! То вецер з аканіцай усчынае тарарам.
Вецер – больш нічога там!”

Адчыніў я аканіцы – Крумкач выйшаў, як з вязніцы,
з цемры вонкавай панылай, азірацца важна стаў.
Потым пырхнуў на Палады бюст, усеўся аграмадай
з выглядам паважным, рады, мабыць, што мяне застаў.
Рады, што ў самотным доме чалавека ён застаў.
Сеў, нічога не сказаў.

І, ачуўшыся аднак жа, прыглядзеўся і заўважыў
я ўсю веліч гэтай птушкі, чорнай, як сама бяда.
І сказаў: “Твой выгляд страшны адначасна значны, важны,
называць цябе як скажаш, ці ёсць назва хоць адна?
Сярод тысячы найменняў ці ёсць назва хоць адна?
Каркнуў госць мой: “Пустата!”

Птушкі голас недарэчны паласнуў мяне, як мечам,
бессэнсоўнасцю нахабнай з галавы да ног абдаў.
Бо ўсім ясна, што не ў сілах птушка поўначчу панылай
турбаваць жытло чужое, як татарская арда.
Птушка, што на бюсце белым – рыхтык чорная руда.
Птушка з клічкай Пустата.

Ён сядзеў так нерухома, што здаваўся часткай дома,
гэты прыхадзень нязваны, пасланец начы нямой.
Крумкачынай дзюбай страшнай ён выклёўваў жыцці нашы
і нагадваў пекла пашчу пры канцы дарогі той,
што праходзім, каб дабрацца да канца дарогі той...
Каб назвацца Пустатой.

Здрыгануўся я ўсім целам, а Крумкач на бюсце белым
па-ранейшаму спакойна, нібы ён са мной на “ты”,
касавурыўся, старэча. О, навошта гэта стрэча
ў прыцемку Пуціны Млечнай, ва ўладарнасці бяды...
Адбылася так раптоўна ва ўладарнасці бяды!
Ды пад зоркай Пустаты.

Крэсла да яго пасунуў, разглядаў з ранейшым сумам,
разважаў, а крык ірваўся, з горла сіплы крык “Ратуй!
Развярні гаротны лёс мой, пакажы паляны, плёсы,
і распырскай, сонца, росы, адвядзі маю бяду.
Адвядзі, вярні на месца, як у рэчышча ваду!”
Ды крычаў я ў Пустату.

Што за дзіўная разлука, і за што такая мука –
не спасцігнуць мне давеку на сваім пякельным дне.
Толькі люстры промень цьмяны, толькі вечныя падманы
бачу з памяці экрана, як Лінор душу кране.
Пра Лінор святая памяць як душу маю кране.
О, за што такое мне!

Падалося: серафімы выплывалі ў пасмах дыму,
на дыван сцякалі проста, як крынічная вада.
І спяваў я ў ачмурэнні, ды маліўся аб збавенні,
мільгацелі гукі, цені, піў я кубак свой да дна.
Піў любові непадзельнай медны кубак свой да дна.
Крумкач каркнуў: “Пустата!”

Пракрычаў я: “Згінь, пракляты! Дух пякельны, твае краты
пагубілі ўсё на свеце, што люблю я з даўніх пор!
Хто цябе сюды паклікаў, што сядзіш у цьмяных бліках
ты на бюсце нерухома, каркаеш, як злы дакор?
Ты чаму адзін і той жа пасылаеш мне дакор?
Зыкнуў госць мой: “Nevermore!

Паўтарыў я: “Згінь пракляты! Дух пякельны, твае краты
перакрыжавалі веру, веру даўнюю ў жыццё.
Ці ёсць Бог над гэтым светам, або круціцца планета,
адзінокая планета адлятае ў небыццё?
Адлятае, як лістота з дрэў асенніх, як лісцё...
Божа, дай мне забыццё!”

“Пакідай мой дом самотны, доўжыць дай спакой дрымотны, –
я ускочыў, крыкнуў: – З ветрам ты ляці ў начны прастор!
Ані пёрка, ані духу не пакінь сваіх, каб скруха
не вярнулася і вуха, каб не чула з гэтых пор,
пра цябе не чула вуха анічога з гэтых пор!”
Каркнуў госць мой: “Nevermore!

Ён сядзіць дагэтуль, вечна. За акном Пуціны Млечнай
зоркі ззяюць. Іх не бачу. У гаркавую ваду
апускаю сны і мроі. А Крумкач сваім спакоем
заварожвае і поіць, корміць ён маю нуду.
Дэман, што ў абліччы птушкі, думу думае адну –
каб глядзеў я ў Пустату.

пераклад: Міхась Южык
LinkReply

Comments:
[User Picture]From: lady_z_shalomam
2009-07-10 11:26 am (UTC)
Яшчэ гэты верш пераклаў Васіль Сахарчук (змешчаны ў кнізе яго вершаў, зараз не ўспомню назву, але калі трэба, магу паглядзець).
(Reply) (Thread)
[User Picture]From: retshyz
2009-07-10 11:27 am (UTC)
Ну, што тут казаць?
Уражвае!
(Reply) (Thread)
[User Picture]From: lady_z_shalomam
2009-07-10 11:33 am (UTC)
Так, і яшчэ Максім Шчур пераклаў. Пра гэта напісана на яго сайце: http://niamiesta.se/main_by.htm (але самога пераклада не вісіць).
(Reply) (Thread)
[User Picture]From: vik_shnip
2009-07-10 01:39 pm (UTC)
Маем твор! Віншую!Ёсць пераклад Алега Мінкіна.
(Reply) (Parent) (Thread)
[User Picture]From: prajdzisvet
2009-07-10 07:37 pm (UTC)
Пераклад Алега Мінкіна ўжо згаданы ў самім пасце.
(Reply) (Parent) (Thread)
From: (Anonymous)
2009-11-27 06:57 am (UTC)

"Крумкач"

Прывітаньне! Віншую з новым перакладам. Наогул, сам я тэкст "Крумкача" тымчасам троху перайначыў: цяпер у мяне цалкам зарыфмаваныя два першыя радкі ўсіх строфаў (тры рыфмы). Ці не дапаможаш зьмясьціць мой абноўлены пераклад у інтэрнэце?

Калі-б я нанова ўзяўся перакладаць "Крумкачы", дык рэфрэнам праз усе строфы пусьціў-бы "дарма". Накшталт: "Пракрумчэў крумкач: "Дарма!" Неблагі гукапіс і сэнс.

Мой е-маіл: nicka@takas.lt

Алег Мінкін
(Reply) (Parent) (Thread)
[User Picture]From: iuzhyk
2009-11-27 09:54 am (UTC)

Re: "Крумкач"

Дзякуй.
З задавальненнем змяшчу Ваш новы пераклад, напрыклад, на літаратурнай суполцы "сучбелліт".

Дасылайце на мой адрас iuzhyk2@tut.by з адпаведенымі Вашымі каментарамі (ці анонсам), каб народ лягчэй зарыентаваўся.
(Reply) (Parent) (Thread)
[User Picture]From: maszeka
2009-07-10 05:28 pm (UTC)
выдатна!
а вось хто-б узяўся за іліяду з адысеяй)))
(Reply) (Thread)
From: valeriyg
2009-07-10 09:20 pm (UTC)
Малайчына, Міхась. Не кажу пра мастацкасць перакладу, бо не ведаю арыгінальнай мовы, але, чытаючы пераклады на рускую, бачачы перад сабой склад арыгінала, думаю, ты вытрымаў тэхніку і уклаў душу.
Ды, то дробязь. Шкаляр зробіць :)
Ты першы, хто асмеліўся "Нікогда" надаць другі сэнс, і - куды глыбейшы, шырэйшы. І больш філасафічны.
То мая думка, на ісціну вока не кладу.
(Reply) (Thread)
[User Picture]From: maryjka_
2009-07-10 11:09 pm (UTC)
Пустата... хм, тая ж праблема, што і заўжды. Няма гукаперайманьня. Хаця само слова неблагое па сэнсе.
(Reply) (Thread)